У мінулы чацвер, 1 лістапада, у гарадскім Доме культуры адбыліся ўрачыстыя праводзіны юнакоў у шэрагі Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.
У жыцці кожнага юнака настае такі дзень, калі Айчына прызывае яго на вайсковую службу, і тады ён атрымлівае ганаровае званне салдата. Ва ўсе часы абарона Радзімы была і застаецца найвялікшым праяўленнем любові і адданасці свайму народу. Пра армейскую службу сённяшнія прызыўнікі ведаюць ад бацькоў і дзядоў, старэйшых таварышаў, якія таксама ў сваю чаргу прайшлі гэтую школу жыцця. Яна загартоўвае, робіць цвёрдымі характар і волю, фарміруе сапраўдных мужчын. Пра гэта гаварыла ў сваім уступным слове вядучая ўрачыстасці Ганна Макавецкая. Яна прадставіла ганаровых гасцей і запрасіла першым да мікрафона намесніка старшыні райвыканкама Максіма Антанюка.
Максім Анатольевіч адзначыў, што прызыў ва Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь — важная падзея ў жыцці юнакоў, бо ім аказаны высокі давер: ахоўваць мір і спакой грамадзян нашай краіны. Выступоўца падкрэсліў: дзяржава не можа быць моцнай, калі ў яе няма надзейнай арміі. Наш Прэзідэнт і ўрад надаюць асабліва пільную ўвагу ўзброеным сілам, якія адыгрываюць важную ролю ў падтрыманні міру і стабільнасці ў краіне. Беларуская армія аснашчана сучаснай зброяй і баявой тэхнікай, яе аўтарытэт у грамадстве расце, а служба ў яе шэрагах становіцца прэстыжнай і ганаровай. Сёння ва Узброеных Сілах краіны служаць больш за 100 хлопцаў з Жабінкаўскага раёна, прызываюцца яшчэ 38. Усе яны нясуць і будуць несці службу ў межах Беларусі, а гэта і ёсць яскравы прыклад клопату дзяржавы пра сваіх грамадзян.
Максім Антанюк пажадаў прызыўнікам быць годнымі звання абаронцаў Айчыны, з гонарам выканаць свой грамадзянскі абавязак, атрыманыя падчас службы веды і ўменні прымяняць толькі ў мірным жыцці.
Пасля слоў намесніка старшыні райвыканкама начальнік адасобленай групы (Жабінкаўскага раёна) ваеннага камісарыята Кобрынскага і Жабінкаўскага раёнаў Аляксей Пятроў зачытаў Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аб прызыве грамадзян на тэрміновую воінскую службу.
У той дзень на ўрачыстасці звярнуліся да прызыўнікоў і сказалі свае словы на дарогу старшыня раённай арганізацыі Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане Аляксандр Яўстратаў і старшыня раённай арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў Анатоль Старыцкі.
Аляксандр Веціслававіч узгадаў той час, калі сам служыў у Афганістане і побач з ім неслі службу такія ж 18-гадовыя юнакі, якія сёння атрымліваюць позвы і прызываюцца ва ўзброеныя сілы. У параўнанні з тым часам цяперашнія прызыўнікі не адпраўляюцца ні на якія баявыя дзеянні ў гарачыя кропкі за межы Беларусі. Такія абавязацельствы дала наша краіна, і яны выконваюцца.
Анатоль Аляксандравіч гаварыў, што позвы — гэта пуцёўкі ў дарослае самастойнае жыццё. Служба дае магчымасць юнакам атрымаць воінскую спецыяльнасць, набыць новыя веды, а таксама памужнець і пасталець як фізічна, так і маральна. Ён пажадаў прызыўнікам годна служыць і памятаць, што абарона Айчыны — ганаровы абавязак кожнага сапраўднага мужчыны.
У адрас юнакоў гучалі не толькі словы віншаванняў, падтрымкі і пажаданняў, але і музычныя падарункі ў выкананні Аляксандры Скарыны, Аксаны Пракошынай і ансамбля “МАЖОРчыкі”.
Сёлетнія прызыўнікі-жабінкаўцы будуць служыць у сілах спецыяльных аперацый і ў 72-м гвардзейскім аб’яднаным вучэбным цэнтры, у органах пагранічнай службы, ва ўнутраных войсках Міністэрства ўнутраных спраў, у войсках супрацьпаветранай абароны і часцях Узброеных Сіл Беларусі. Служыце годна, землякі! На службу вас прызвала Айчына.
Алёна НІКАНЧУК. Фота Святланы КІСЛАЙ.