Тры сімвалічныя слупы Беларусі — ВАЯР

Тры сімвалічныя слупы Беларусі

Тры сімвалічныя слупы Беларусі

Суверэнная Беларусь мае ўласныя дзяржаўныя сімвалы: Дзяржаўны сцяг, Дзяржаўны герб, Дзяржаўны гімн. У іх адлюстраваны маральна-духоўныя рысы нацыі, асаблівасці яе культуры.

Свята, прысвечанае атрыбутам дзяржаўнасці, адзначаецца штогод у другую нядзелю мая.

Жывая сувязь з мінулым

Што азначаюць колеры Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь?

Сцяг — прамавугольнае палотнішча з чырвонай і зялёнай гарызантальных палос, упрыгожанае злева нацыянальным арнаментам чырвонага колеру на белым полі. Такое спалучэнне нясе ў сваім афармленні шэраг сімвалічных сэнсаў.

Зялёны колер асацыіруюцца са здароўем фізічным і духоўным, надзеяй, маладосцю, працавітасцю, гармоніяй з прыродай. Чырвоны колер — гэта сіла, мужнасць, энергія і высакароднасць. Белы — чысціня, мудрасць, веды, беззаганнасць. Арнамент — увасабленне старажытнай культуры беларускага народа, яго духоўнага багацця і ўнутранай сілы.

Традыцыйны ўзор, які мы можам бачыць на дзяржаўным сцягу, размяшчаўся і на яго прататыпе, які быў вытканы ў 1917 годзе сялянкай Матронай Маркевіч з вёскі Касцелішча Сенненскага раёна Віцебскай вобласці. Адтуль, з рэвалюцыйнага 1917‑га, пачалася гісторыя сучаснай сімволікі Беларусі. Шлях быў доўгі і няпросты, як сам лёс рэспублікі ў складзе Савецкага Саюза.

З 3 лютага 1919 года па 11 красавіка 1927 года дзяржаўныя колеры сцяга ССРБ (Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі) не адрозніваліся разнастайнасцю: чырвонае палотнішча мела ў верхнім левым вуглу прамавугольнік з літарамі «ССРБ».

Сцяг Літоўска-Беларускай Сацыялістычнай Рэспублікі, якая існавала з 27 лютага па 1 верасня 1919 года, быў цалкам чырвоным.

Цэлы шэраг сцягоў БССР з 11 красавіка па 25 снежня 1951 года выконваўся ў падобных варыянтах: спачатку ў верхнім правым вуглу быў надпіс «БССР», пазней зверху дабавіўся серп і молат з пяціканцовай зоркай.

І толькі ў снежні 1951 года зацвердзілі дызайн, падобны на сучасны: зялёна-чырвоны з белым арнаментам.

Сімвал адзінства

У выяве герба адлюстроўваюцца асноўныя нацыянальныя і духоўныя каштоўнасці беларусаў: грамадзянскае адзінства, працавітасць, міралюбнасць. У цэнтры — контур Беларусі, які сімвалізуе непарушны суверэнітэт і тэрытарыяльнае адзінства краіны. Апяразвае яго вянок з залатых каласоў, лёну і канюшыны.

З кожнага боку вянок тройчы перавіты чырвона-зялёнай стужкай, у сярэдняй частцы якой напісаны ў два радкі золатам словы «РЭСПУБЛІКА БЕЛАРУСЬ». Зямны шар азначае жаданне жыць у міры і згодзе, супрацоўнічаць з усімі краінамі, быць адкрытымі да дыялогу. Узыходзячае сонца — сімвал жыцця і найлепшага лёсу. Зорка — знак мужнасці і высокіх намераў, памкненняў народа.

Герб БССР відазмяняўся сем разоў: адрозненні былі параўнальна невялікімі і часта не заўважаліся грамадзянамі рэспублікі — уносіліся змены ў арфаграфію надпісаў, мяняліся іх мовы, прарысоўка расліннасці на гербе, молат і серп былі то срэбнымі, то залатымі…

За ўзор сучаснага герба Рэспублікі Беларусь быў узяты герб Беларускай ССР, створаны ў 1950 годзе Іванам Дубасавым.

З эталоннага відарыса зніклі зорка, серп і молат, лозунг «Пралетарыі ўсіх краін, яднайцеся!» на дзвюх мовах. Каласы, лён і васількі, а таксама стужка памянялі колер…

image003.jpg

Народныя словы Карызны

Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь даўно стаў паўнапраўным афіцыйным сімвалам Беларусі разам з гербам і сцягам. Музыку да гімна «Мы, беларусы» напісаў Нестар Сакалоўскі ў 1955 годзе, аўтар тэксту — Міхась Клімковіч.

2 студзеня 2002 года створана конкурсная камісія на чале з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь. Ёй прадставілі пяць варыянтаў гімна. Таксама вырашылі правесці апытанне грамадскай думкі.

Людзі выбралі гімн са словамі «Мы, беларусы — мірныя людзі…» на словы Уладзіміра Карызны і музыку Нестара Сакалоўскага.

Дзяніс Трафімычаў, «Ваяр»